ЯРАСЛА́ЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ У цэнтры еўрап. ч. Расійскай Федэрацыі. Утворана 11.3.1936. Пл. 36,4 тыс. км². Нас. 1373 тыс. чал. (2003), гарадскога 80,6%. Цэнтр — г. Яраслаўль. Буйныя гарады: Рыбінск, Тутаеў, Пераслаўль-Залескі, Угліч, Растоў.

Размешчана ў межах цэнтр. часткі Усх.-Еўрапейскай раўніны, у Верхнім Паволжы. Паверхня — узгорыстая раўніна, з ПдЗ на ПнУ працягваюцца ўзв. Барысаглебскае, Угліцкае, Данілаўскае, на Пд — паўн. схілы Клінска-Дзмітраўскай грады. Карысныя выкапні: цагляная і керамзітавая сыравіна, жвір, пясчана-жвіровы матэрыял, торф, сапрапель; крыніцы мінер. вод. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -10 °C, ліп. 17,5—18,5 °C, ападкаў каля 600 мм за год. На тэр. Я.в. 4327 рэк (агульная даўж. 20 тыс. км); найб. — Волга (340 км у межах вобласці) з прытокамі Кастрама, Котарасль, Нерль, Соць. 83 возеры (пл. каля 5 тыс. км²); найб. — Нера, Пляшчэева. Вадасховішчы: Рыбінскае, Угліцкае, Кастрамское. Каля 1 тыс. балот (пл. 95,6 тыс. га). Глебы дзярнова-падзолістыя, у далінах рэк алювіяльна-лугавыя і тарфяныя. Пад лесам каля 47% тэрыторыі. На Пн пашыраны хвойныя лясы, на Пд — мяшаныя. Пераслаўскі нац. парк, Дарвінскі запаведнік, 20 фауністычных заказнікаў, 250 помнікаў прыроды.

Гал. галіны прам-сці: машынабудаванне (31,9% прамысл. прадукцыі), хім. і нафтахім. (21,8%), харч. (17,4%), электраэнергетыка (8,2%), паліўная (8,1%), лёгкая (3,5%). Спецыялізацыя маш.-буд. галіны — эл.-тэхн. прам-сць, хім. і нафтахім. машынабудаванне, станка-, дызеле-, прылада- і суднабудаванне, вытв-сць гадзіннікаў, паліграф. і дарожных машын. Прадпрыемствы хім. і нафтахім. прам-сці вырабляюць лакі, фарбы, пластмасы, сінт. смолы, каўчук, шыны, хім.-фатаграфічныя прылады і інш.; харч. прам-сці — крухмала-патачныя, мукамольныя, кандытарскія, лікёра-гарэлачныя, піва-безалкагольныя, камбікормавыя, мяса-малочныя вырабы. У лёгкай прам-сці развіты тэкст., абутковая, швейная галіны. Лясная, мэблевая, папяровая прам-сць. Здабыча торфу. Рыбінская і Угліцкая ГЭС на р. Волга. Нар. маст. промысел — растоўская фініфць. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, аўчынна-шубнай авечкагадоўлі, вырошчванні бульбы, агародніны, лёну. У Я.в. выведзена яраслаўская парода буйн. раг. жывёлы, брэйтаўская парода свіней, раманаўская парода авечак. Развіта птушкагадоўля. Рыбалоўства. С.-г. ўгоддзі займаюць (тыс. га) 1151,7 (32% пл.), у т. л. ворныя землі — 801,1, пашы — 225, сенажаці — 109,4, інш. — 16,2. Вырошчваюць збожжавыя (авёс, жыта, пшаніца), кармавыя, тэхн. (лён, цыкорыя) культуры, бульбу, агародніну. Даўж. чыгунак 707 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём каля 5 тыс. км, унутр. водных шляхоў 789 км. Гал. чыгунка Масква — Яраслаўль — Данілаў (электрыфікаваная), аўтамагістралі Кастрама—Яраслаўль—Масква, Яраслаўль—Волагда, Цвер—Яраслаўль. Суднаходства па р. Волга і Рыбінскім вадасховішчы. 2 аэрапорты. Газаправоды «Ззянне Поўначы», Саратаў—Яраслаўль—Чарапавец, нафтаправоды Альмецьеўск—Яраслаўль—Кірышы, Ухта—Яраслаўль—Масква і інш. Па тэр. вобласці праходзіць турысцкі маршрут «Залатое кальцо Расіі».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 18, кн. 1, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)